судна, корпус якога пры руху падтрымліваецца над вадой гідрадынамічнымі пад’ёмнымі сіламі, што ствараюцца апушчанымі ў ваду крыламі. Выкарыстоўваюцца з сярэдзіны 20 ст. для перавозкі пасажыраў, невял. тэрміновых грузаў, у ВМФ. Скорасць да 100 км/гадз і больш.
Супраціўленне СПК руху рэзка зменшана, што дазваляе значна павысіць скорасць без вял. затрат энергіі. Нерухомае СПК падтрымліваецца на вадзе сіламі плывучасці, пры пэўнай скорасці корпус яго падымаецца над вадой (выхад на крылы). Устойлівы рух СПК дасягаецца аўтам. зменай плошчы і глыбіні апускання нерухомых крылаў або вугла атакі кіравальных крылаў. Патэнт на СПК выдадзены ў 1891 у Расіі Ш. дэ Ламберу. Практычныя работы па стварэнні СПК пачаты ў канцы 1930-х г. у СССР і Германіі. Першае СПК тыпу «Ракеты» на 66 месцаў пабудавана ў 1957. Энергет. ўстаноўка СПК — рухавікі ўнутр. згарання, газавыя турбіны; рухач — грабны вінт, умяшчальнасць да 300 чал., водазмяшчэнне да 250 т. Цеплаходы на падводных крылах «Палессе» выпускаў Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны з-д.
Судна на падводных крылах: а — схема (1 — падводныя крылы; 2 — стойкі; 3 — ватэрлінія на стаянцы судна; 4 — ватэрлінія на хаду судна); б — рачное пасажырскае судна «Метэор»; в — марскі цеплаход «Віхар».